Мэта праекта – фіксаваць, апрацоўваць і адлюстроўваць усе звесткі пра працэсы
галасавання ў Беларусі, у тым ліку ў амбасадах і консульствах краіны за мяжой, у
рэжыме рэальнага часу. Гэта дазволіць кожнаму беларусу максімальна
рэалізаваць сваё выбарчае права і забяспечыць грамадзянскае назіранне за
электаральнымі кампаніямі ў поўнай адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі
Беларусь.
На платформе публікуюцца звесткі пра склады камісіяў на ўсіх участках для
галасавання , у тым ліку — пра арганізацыі, ад якіх вылучаныя чальцы камісіяў,
звесткі пра назіранне і грамадзянскі кантроль на ўчастках, а таксама
падрабязнасці, навіны і аналітыка пра праведзеныя і бягучыя электаральныя
кампаніі. Напрыклад, са справаздачай пра прэзідэнцкія выбары 2020 у Беларусі
можна азнаёміцца тут.
Грамадзяне Беларусі могуць зарэгістравацца на платформе ZUBR.IN і прайсці
навучанне для назіральнікаў і (або) грамадзянскіх кантралёраў. Вы зможаце
накіроўваць праз чат-бот ці непасрэдна праз сайт ZUBR інфармацыю пра працу
камісіяў у выглядзе паведамленняў, фота і відэаздымкаў. Пасля рэгістрацыі вам
прапануюць найбольш рацыянальнае рашэнне па выбары таго ці іншага ўчастка з
улікам пакрыцця участкаў назіраннем і грамадзянскім кантролем. З улікам
цяперашняй сітуацыі ў Беларусі платформа не захоўвае вашы дадзеныя, усё
адбываецца ананімна.
Заклікаем усіх грамадзянаў Беларусі выкарыстоўваць платформу ZUBR і
распавядаць пра яе родным, сябрам і сваім калегам!