Пасля затрымання
Вас павінны прывезці ў РАУС для афармлення пратакола аб адміністрацыйным затрыманні. На сёння людзей адвозяць у мясцовыя РАУС, ЦІП («ЦІП») у г. Мінск (зав. Акрэсціна 36), ІЧУ («ІЧУ») у г.Жодзіна (вул. Савецкая 22а).
Праваахоўнымі органамі будзе складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Яго павінны даць Вам на азнаямленне і падпісанне і ўручыць копію. У Вас ёсць права пазначыць у пратаколе адміністрацыйнага затрымання і пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні на непаведамленне прычыны затрымання, некарэктнае ўказанні звестак аб затрыманні (калі гэта мела месца).
Суд
- У цяперашні час выязныя судовыя пасяджэнні праходзяць у месцах утрымання затрыманых (ЦІП і ІЧУ). На суд Вас прывядуць у асобны пакой, дзе будзеце знаходзіцца Вы, суддзя, памочнік суддзі. Асоба, якая Вас затрымлівала, можа быць выклікана сведкам / у матэрыялах справы могуць быць яе паказанні).
- Адвакатаў зараз, як правіла, не дапускаюць да ўдзелу ў судовых пасяджэннях па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія праводзяцца ў ЦІП / ІЧУ. Аднак у пачатку судовага працэсу заявіце хадайніцтва аб выкліку ў судовае пасяджэнне Вашага абаронцы (адваката / блізкага сваяка). Называйце выразна іх прозвішча ды імя. Паведаміце суду, што ў Вас заключаны дагавор і Вам дадуць абаронцу, адвакаты знаходзяцца побач / гатовыя выехаць у бліжэйшы час.
- Паспрабуйце сфарміраваць да суда пазіцыю, якую будзеце агучваць суду па наступных напрамках:
Вінаватасць:
- Ці прызнаеце Вы сваю віну?
- Па якой прычыне Вы знаходзіліся ў месцы затрымання (ці ўдзельнічалі Вы ў несанкцыянаваным мерапрыемстве або апынуліся ў месцы затрымання па іншай прычыне (выйшлі ў аптэку, магазін, вярталіся дадому, ішлі на сустрэчу і г.д.)?
Абставіны затрымання:
- Як адбывалася затрыманне?
- Ці ўжываўся гвалт?
- Ці супадаюць абставіны затрымання (месца, час і г.л.) з тымі, якія пазначаны ў пратаколе? Калі не – трэба ўказаць сужу на гэта, нават калі Вы ўжо падпісалі пратакол.
- Ці патлумачылі Вам правы пры затрыманні?
- Ці ладзілі Вы супраціў?
Змякчальныя акалічнасці (суд можа праверыць дакладнасць):
- Узрост да 18 / пасля 70.
- Ці Вы працаўладкаваны?
- Ці маеце Вы дзяцей і колькі ім год? Калі ёсць дзеці да 14 – гэта змякчальная акалічнасць.
- Ці ёсць у Вас на ўтрыманні нейкія асобы (састарэлыя бацькі, сваякі-інваліды, іншыя асобы)?
- Стан здароўя (цяжарнасць, інваліднасць, хранічныя захворванні – гэта змякчальныя абставіны). Ці паўплывала на яго прымяненне фізічнай сілы пры затрыманні?
- Ці прыцягваліся Вы раней да адміністрацыйнай адказнасці? Паведаміце суду, калі раней не прыцягваліся за правапарушэнне, якое б адрознівалася ад парушэння парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў.
Калі ў Вас ёсць змякчальныя абставіны, або Ваша бягучы стан здароўя робіць вельмі цяжкім Ваша знаходжанне ў затрыманні і адбыванне арышту, указвайце на гэта і прасіце суд прымяніць штраф замест арышту.
Пакаранне
Як правіла, Вашыя дзеянні пры затрыманні будуць асуджаныя па арт. 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) і арт. 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў) Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП).
У асноўным суды прызначаюць адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе арышту (жанчынам тэрмінам 5-7 сутак, мужчынам – 13-15 сутак). Максімальны тэрмін арышту за адно правапарушэнне – 15 сутак. Калі парушэнняў некалькі (гл. Заўвагі вышэй), то максімальны тэрмін арышту – 25 сутак.
Час, праведзены ў затрыманні, залічваецца ў кошт адбыцця арышту. Час, праведзены ў лякарні пасля і ў сувязі з затрыманнем, можа залічвацца ў адбыццё арышту, настойвайце на гэтым, паказваючы на цялесныя пашкоджанні і абставіны затрыманьня.
Абскарджанне
На працягу 5 сутак з моманту аб’явы судовай пастановы ў выпадку прымянення адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе арышту, яго можна абскардзіць. Для гэтага Вашаму абаронцу або сваякам варта азнаёміцца з матэрыяламі справы ў судзе.
Пры абскарджанні неабходна ўлічваць, ці будзе ад гэтага вынік. Калі Вас асудзілі на 25 сутак, то сэнс у абскарджанні ёсць, так як Вашу скаргу могуць разгледзець да таго, як Вы адбудзе гэты тэрмін. Калі ж адміністрацыйны арышт склаў менш за 8 сутак, ёсць рызыка, што Ваша скарга будзе разгледжана ўжо пасля Вашага вызвалення. Шанец на тое, што судовую пастанову перагледзяць, вельмі невялікі.