У першай частцы гэтага артыкулу распавядзем пра патэнцыйныя наступствы службы ў арміі ў гэтым годзе. У другой частцы – пра тое, хто падпадае пад прызыў, а хто атрымлівае адтэрміноўку або вызваляецца ад службы, а ў трэцяй частцы пра тое, як пазбегнуць прызыву.
Рызыкі ўдзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны значна выраслі
Безумоўна, абарона сваёй зямлі – высакародная справа. Абарона сваёй зямлі, а не вайна на тэрыторыі брацкага народу, ды яшчэ ў інтарэсах імперскіх амбіцыяў суседняга дыктатара.
На жаль, з кожным днём нас усё больш актыўна ўцягваюць у вайну з Украінай. У вайну, за ўдзел у якой нам давядзецца расплачвацца не толькі нашай рэпутацыяй мірнага народу, але і жыццямі нашых хлопцаў, якія з’яўляюцца ў геапалітычнай гульні Пуціна і Лукашэнкі разменнай манетай, дапушчальнымі стратамі, неабходнымі для ўтрымання ўлады.
Лукашэнка ўжо пусціў на тэрыторыю нашай краіны расійскія войскі, а яны, як вядома, не спяшаюцца пакідаць занятыя тэрыторыі. Аднак яшчэ большую трывогу выклікаюць яго заявы пра стварэнне сумесных груповак узброеных сілаў. Ён ужо даручыў прыняць і размясціць расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі ў рамках разгортвання сумеснай групоўкі войскаў.