Пасля пратэстаў 2020 году ў Беларусі па палітычных матывах асудзілі каля пяці тысяч чалавек, дзясяткі забітыя, дзясяткі тысяч прайшлі праз турмы і катаванні, сотні тысяч вымушаныя былі з’ехаць.
Нягледзячы на гэта, больш за 80% беларусаў выказаліся супраць вайны. А паводле апытанняў Chatham House, у пачатку расійскага наступу на Украіну толькі 3% беларусаў падтрымлівалі ўдзел беларускай арміі ў вайне на баку Расіі.
Нягледзячы на тое, што за намер арганізаваць пратэст беларусам можа пагражаць смяротнае пакаранне, за чатыры месяцы вайны ў Менску прайшлі антываенныя пратэсты з тысячамі арыштаваных, зарадзіўся партызанскі рух, тысячы людзей былі затрыманыя за антываенныя выказванні ў інтэрнэце і здымкі расійскай вайсковай тэхнікі. Былі арганізаваныя добраахвотніцкія батальёны, якія ваююць на баку Украіны, адпраўленыя дзясяткі тон гуманітарных грузаў, амуніцыі і абсталявання, тысячы беларускіх валанцёраў працуюць у гуманітарных структурах.