У гэтым артыкуле мы хочам паразмаўляць пра ролю жанчынаў у беларускім пратэсце, іх лёс і ўплыў, які яны аказалі не толькі на нашу краіну, але і на свет у цэлым. Але спачатку давайце паразмаўляем крыху пра сімвалы, бо жанчына як увасабленне пераменаў – гэта не феномен выключна дваццаць першага стагоддзя.
У рэвалюцыі жаночы твар!
Першае, што мы ўзгадваем, калі гаворка заходзіць пра рэвалюцыю (калі адкінуць савецкі дыскурс), – гэта Мар’яна з карціны “Свабода на барыкадах” Эжэна Дэлякрўа. Напэўна, з гэтага палатна і пачалося ўяўленне пра жаночы твар рэвалюцыі, а ў сучасных рэаліях — пратэсту. Вядома, мы можам знайсці і іншыя прыклады ролі жанчын у знакавых гістарычных працэсах, але гэты несамавіта прыгожы сімвалізм і рамантызацыя трывала замацаваліся ў масавай свядомасці.
Кветкі лепш за кулі!
Вобраз жанчыны, якая мае смеласць выступіць з букетам кветак супраць узброеных мужчынаў і аддаць сваё жыццё за ідэі, – гэта сутыкненне жыцця, любові, сэрца, поўнага святла, з суровай маскуліннасцю, з холадам позірку вачэй паліцэйскага з-пад забрала і такой жа халоднай куляй, якая гэта сэрца спыніць. Гэты вобраз ажыў у трагічнай гісторыі Элісан Бэт Краўзэ падчас расстрэлу ў Кенцкім універсітэце і набыў рэальнасць і адчувальнасць, трагічнасць і моц.
Гэты вобраз стаў новым сімвалам надзеі на перамены. Мужчына не можа перамагчы дракона і сам не стаць драконам, як і адна жорсткасць не можа выкараніць іншую, што атрымала сваё ўвасабленне ў рэальным жыцці падчас беларускіх пратэстаў 2020 года.
Пратэсты ў Беларусі
Прычынаў таго, каб менавіта жанчыны сталі тварам пратэсту, было нямала.
У Беларусі амаль 60% выбарцаў – жанчыны. І жартачкі Лукашэнкі пра тое, што наша Канстытуцыя “не пад жанчыну”, што чалавек у спадніцы не можа быць прэзідэнтам, безумоўна, падлівалі алей у агонь незадаволенасці, якая і так збіралася гадамі.
Але не столькі словы, колькі рэальныя дзеянні паслужылі каталізатарам таго, што лідарамі пратэсту сталі жанчыны.
Адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад апазіцыі стала Святлана Ціханоўская. Ёй давялося замяніць у гэтай ролі свайго арыштаванага мужа. На той момант фактычна ўсе незалежныя кандыдаты-мужчыны проста не маглі ўступіць у перадвыбарчую гонку. А пагардлівае стаўленне Лукашэнкі да жанчынаў падштурхнула яго да таго, што ён не стаў успрымаць Ціханоўскую як рэальнага канкурэнта.
Аб’яднаўшы намаганні з Марыяй Калеснікавай, Веранікай Цапкала і стварыўшы агульны перадвыбарчы штаб, Святлана Ціханоўская стала сімвалам пратэсту і прыкладам, за якім рушылі ўслед жанчыны Беларусі.
Пасля фальсіфікацыяў на выбарах людзі выйшлі на вуліцу. Замест мужчынаў, затрыманых у першую хвалю пратэсту, сталі выходзіць жанчыны, каб выступіць супраць гвалту ўладаў і выказаць салідарнасць з пацярпелымі мірнымі дэманстрантамі.
У белых сукенках і з кветкамі, падкрэслена мірна жанчыны бралі ў кола мужчынаў, спрабуючы выратаваць іх ад затрымання. Цалавалі амапаўцаў, якія апусцілі шчыты. Натхнялі далучыцца да пратэсту тых, хто яшчэ сумняваўся ці баяўся. У інтэрнэце з’явіліся ролікі, дзе дзяўчыны адстойвалі свае грамадзянскія правы. Жанчыны дапамаглі знізіць градус гвалту з боку сілавікоў у першыя дні пасля выбараў. Аднак у выніку іх гэтак жа, як і мужчынаў, пачалі збіваць і затрымліваць.
Хваля рэпрэсіяў накрыла ўсіх: і мужчынаў, і жанчынаў. І тых, хто ўдзельнічаў у пратэстах, і тых, хто ў ролі журналістаў асвятляў падзеі. Лідары пратэсту таксама патрапілі пад пераслед. Цапкала і Ціханоўская вымушаныя былі пакінуць краіну, а Калеснікава апынулася ў турме.
На момант напісання артыкулу:
125 жанчын-палітвязняў знаходзяцца ў турмах Беларусі;
100 – на “хатняй хіміі”;
10 непаўналетніх – у турмах.
Усяго 1156 палітвязняў у турмах Беларусі.
255 – на “хатняй хіміі”;
Сярод жанчын–палітвязняў — праваабаронцы, журналісткі, студэнткі, настаўніцы, рэдактар телеграм-каналу, актывісткі, сябры ініцыятыўных групаў альтэрнатыўных кандыдатаў і Каардынацыйнай рады і многія іншыя.
Нягледзячы на стойкасць і самаадданасць усіх гэтых жанчынаў, у зняволенні многім з іх значна цяжэй, чым мужчынам. Гэта звязана з тым, што ўмовы ўтрымання ў турмах абсалютна бесчалавечныя, з тым, што жанчыны маюць іншыя патрэбы што да медычнай дапамогі, гігіены, рэжыму харчавання і працы, чым тыя, якія яшчэ неяк могуць вынесці мужчыны. На жаль, частка з гэтых жанчынаў незваротна страціць здароўе, магчымасць завесці дзяцей, а некаторыя могуць ніколі не вярнуцца на волю.
Безумоўна, лепшае, што можна зрабіць, – гэта пераламаць сітуацыю ў краіне і неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў. Але пакуль гэтага не адбылося, неабходна аказваць ім пасільную падтрымку. Гэтая падтрымка можа быць абсалютна любой, але кожнае такое дзеянне хоць бы трошкі, але палегчыць становішча жанчынаў, якія мелі смеласць змагацца за нашу з вамі свабоду.
Што можна зрабіць зараз?
- Пісаць лісты. Маральная падтрымка, цёплае камунікаванне і павага вельмі важныя для зняволеных. Яны дазваляюць захаваць сілы, вытрымаць выпрабаванні, не адчуваць сябе злачынцамі і даюць надзею на будучыню. Мы ўжо публікавалі артыкул пра дапамогу палітвязням, які, безумоўна, змяшчае ўніверсальныя парады і спасылкі на рэсурсы для дапамогі палітвязням.
- Атрымаць больш падрабязную інфармацыю пра жанчын-палітвязняў, а таксама ахвяраваць сродкі на дапамогу ім і іх сем’ям можна на сайце Беларускага Жаночага Фонду. Паглядзіце і падзяліцеся фільмам фонду “Я палітзняволеная“.
- Падпісвайцеся і чытайце жаночыя СМІ і каналы GIRLS POWER BELARUS і «Супернова», слухайце падкасты. Дзяліцеся інфармацыяй пра адважных жанчынаў Беларусі з роднымі і сябрамі, а таксама дзяліцеся сваімі неймавернымі гісторыямі ў чат боце.
- Падтрымаць ініцыятыву #WeStandBYyou і, калі вы жывяце за мяжой, агітаваць прадстаўнікоў мясцовага ўрада далучыцца да праекту хроснага бацькоўства/мацярынства і ўзяць патранаж над адной з палітвязняў і дапамагаць яе сям’і.
- Падтрымаць ініцыятыву “Падарункі дзецям палітвязняў у Беларусі да Калядаў & Новага году» і падарыць свята дзецям жанчын-палітвязняў.
- Калі вы жанчына і самі пацярпелі ад уседазволу ўладаў, вы можаце звярнуцца ў службу «helpline» і атрымаць псіхалагічную дапамогу як індывідуальную, так і ў групах.
- Гэтак жа вы можаце атрымаць бясплатную юрыдычную дапамогу для жанчынаў, якія пацярпелі ад палітычнай сітуацыі ў Беларусі, што ладзіць ініцыятыва Беларускага Жаночага Фонду — »Феміда”.
Мы цэнім тыя самаадданыя ўчынкі, якія здзейснілі жанчыны Беларусі. Яны сталі тварам пратэсту, узначалілі яго і змаглі дамагчыся таго, чаго не змаглі мужчыны. Мы верым, што палітычныя працэсы, якія пачаліся ў 2020 годзе, будуць мець працяг. Беларусь стане свабоднай, і ў падручнікі гісторыі ўпішуць імёны ўсіх жанчынаў, якія, нягледзячы ні на што, паклалі пачатак гэтым пераменам. Мы ганарымся тым, што менавіта нашы жанчыны змаглі дамагчыся так шмат, і будзем рабіць усё для таго, каб як мага хутчэй гэтыя перамены надышлі.
Дзякуй вам, вы неймаверныя!
Add paragraph text. Click “Edit Text” to update the font, size and more. To change and reuse text themes, go to Site Styles.
Add paragraph text. Click “Edit Text” to update the font, size and more. To change and reuse text themes, go to Site Styles.
Add paragraph text. Click “Edit Text” to update the font, size and more. To change and reuse text themes, go to Site Styles.